Беларуская Служба

Год рэпрэсій ды напружанай барацьбы

31.12.2023 19:23
2023 год прайшоў для беларусаў пад знакам рэпрэсій, ізаляцыі ад Еўропы ды спроб бесперапыннай барацьбы. Рэжым Лукашэнкі ў сваім страху перад грамадствам пачаў судзіць мёртвых, завочна канфіскоўваць маёмасць у апанентаў, якія з’ехалі за мяжу ды ўводзіць прыгон для тых, хто застаецца і працуе ў Беларусі.
Ілюстрацыйнае фотаscreenshot z Youtube

Дыяспара ды дэмакратычныя сілы адказалі на гэта фармаваннем урада ў выгнанні, распрацоўкай новага беларускага пашпарта ды падтрымкай для палітвязняў і эмігрантаў, у першую чаргу моладзі.

Цягам 2023 года лукашэнкаўскія «дэпутаты» напрымалі мноства законаў, якія наўпрост закранулі жыццё беларусаў унутры краіны ды за мяжой. Вынікі 2023 года ў Беларусі прадставіла Алена Жываглод — кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі».

- Цяпер у Беларусі ўлады змогуць судзіць памерлых, лекарам пасля ардынатуры абавязалі адпрацоўваць мінімум пяць гадоў. Лукашэнкаўская дзяржава дала сабе права выкарыстоўваць інтэлектуальную ўласнасць без дазволу з варожых краін. Сапраўднае лічбавае пірацтва. У клопаце за «нацыянальную бяспеку» улады забаранілі дроны. Цяпер нельга не толькі запускаць але захоўваць дома.  

У сваю чаргу Франак Вячорка з Офіса Святланы Ціханоўскай назваў галоўнымі вынікамі 2023 года фарміраванне празрыстай структуры дэмакратычных сілаў, запуск сістэмы рэабілітацыі для рэпрэсаваных і палітвязняў і распрацоўку новага беларускага пашпарта сумесна з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам.

- Гэта быў год адстойвання інтарэсаў беларусаў і Беларусі. Мы дасягнулі лепшай каардынацыі, сфармавалася ясная структура дэмакратычных сіл, мы навучыліся супрацоўнічаць і давяраць адно аднаму. Створана канцэпцыя кампенсацыі шкоды для ахвяр рэжыму. У адказ на лукашэнкаўскі дэкрэт супраць беларусаў за мяжой, Кабінет і Офіс пачалі распрацоўку новага беларускага пашпарту.

Святлана Ціханоўская лічыць найбольш важнымі падзеямі 2023 года першы візіт дэмакратычных сіл у краіну СНД і стратэгічны Дыялог са ЗША.

- Мы змаглі ўмацаваць адносіны з Малдовай, упершыню краіна не Еўрасаюза запрасіла дэмакратычныя сілы з візітам. Мы пачалі стратэгічны дыялог з ЗША, што ёсць вельмі важнай падзеяй. 

Разам з тым 2023 год стаў для беларускага грамадства часам растучай апатыі, беларусы працягваюць з'язджаць з краіны, не ўсім удаецца ўладкавацца неяк за мяжой, а тых хто вяртаўся ўлады арыштоўвалі. Таму выклікам у 2024-м годзе будзе выцягнуць беларускае грамадства з апатыі, якая стала дамінуючым настроем у 2023 годзе як у краіне, так і сярод дыяспары, перакананы палітолаг Павал Усаў.

- У Беларусі змяншаюцца ўсё больш і больш чаканні змен. Людзі расчароўваюцца, павялічваецца скепсіс і крытычнае стаўленне да апазіцыі сярод беларускага грамадства. Гэта ўзмацняецца страхам, бо рэпрэсіі не спыняюцца, і становіцца ўсё больш палітвязняў. Ніхто не ўстане, пакуль, вызваліць людзей з турмаў. Тыя, хто адседзеў, выходзяць стомленыя. Патрэбная больш рашучая стратэгія дзеянняў, якім чынам вызваліць людзей.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч